Як звонка і чыста спявае крынічка
І гоман птушыны навокал звініць.
Ды бокам чырвоным нас вабіць сунічка
І грыб прыгажун пад сасною стаіць.
Як мяккі дыван, пад нагой мох зялёны,
Бярозы і сосны ад ветру шумяць.
Мой родны куток, ты мне Богам дароны.
Век цябе роднай зямлёй буду зваць.
Я чую, тут усё славу Богу спявае:
І лес, і рака, у лузе кветкі ўсе.
Ад прыгажосці аж подых займае,
Калі зіхаціць ранкам поле ў расе.
Паўсюль творы Божыя сэрца кранаюць –
Здзіўляе нас кветка, лісточак малы.
Багата цікавага людзі ствараюць,
Але ж прывыкаем да гэтага мы.
І толькі ніколі душа не прывыкне
Да цудаў, што вырашыў Бог нам аддаць.
Нябёсы й зямля – Твой дарунак вялікі!
Дай розуму, Божа, Твой дар шанаваць.